Беларуская Служба

Падазраваны ў падвойным забойстве ў Стамбуле выйшаў на балкон у невялікім польскім мястэчку. Цяпер чакае экстрадыцыі

23.10.2024 09:29
Паліцыя пачала назіранне і калі на балконе з’явіўся мужчына, які па апісанні адпавядаў вышуку, затрымала падазраванага.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:arembowski/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паліцыя затрымала грамадзяніна Турцыі, які падазраецца ў здзяйсненні падвойнага забойства ў Стамбуле. Мужчына хаваўся ў Тамашаве Мазавецкім у цэнтральнай частцы Польшчы. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай і чакае рашэння суда аб экстрадыцыі ў Турцыю.

Паводле інфармацыі, атрыманай Упраўленнем міжнароднага супрацоўніцтва Галоўнай камендатуры паліцыі, падазраваны павінен быў знаходзіцца ў Польшчы і хавацца ў адным з кварталаў у Тамашаве Мазавецкім.

Паліцыя пачала назіранне і калі на балконе з’явіўся мужчына, які па апісанні адпавядаў вышуку, затрымала падазраванага.

38-гадовы турак не чакаў, што паліцыя выйдзе на яго. Падчас затрымання ён не супраціўляўся.
Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошнія дні.  15 кастрычніка ў Кутна быў затрыманы грузін, падазраваны ў забойстве таксіста ў Азербайджане.

TVN24.pl/яс